ЛЕ́КАВЫЯ СРО́ДКІ, лякарствы,
рэчывы, якія выкарыстоўваюць у мэтах дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння захворванняў чалавека і жывёл. У якасці Л.с. выкарыстоўваюць мінер. рэчывы (напр., сульфат магнію, хларыд калію), прэпараты жывёльнага (напр., гепарын, гармоны), расл. паходжання (напр., валяр’ян, марфін, атрапін, гл. Лекавыя расліны), сінт. рэчывы (напр., навакаін, парацэтамол), прадукты мікробнага біясінтэзу (напр., антыбіётыкі, вітаміны), штучныя прэпараты, якія атрымліваюць метадам геннай інжынерыі (інсулін, самататрапін). Перад укараненнем у мед. практыку Л.с. першапачаткова вывучаюцца на лабараторных жывёлах, потым у клінічных умовах (на людзях). Паводле міжнар. класіфікацыі адрозніваюць 14 гал. груп Л.с., якія ўздзейнічаюць на стрававальны тракт і метабалізм (напр., жаўцягонныя сродкі, слабільныя сродкі), кроў і крывятворныя органы (напр., антыкаагулянты, кроваспыняльныя сродкі, проціанемічныя сродкі), сардэчна-сасудзістую сістэму (напр., сардэчныя гліказіды, гіпатэнзіўныя сродкі), урагенітальную сістэму і палавыя гармоны (напр., матачныя сродкі, мачагонныя сродкі, процізачаткавыя сродкі), касцёва-мышачную сістэму (напр., процізапаленчыя сродкі), ц. н. с. (напр., седатыўныя сродкі, нейраплегічныя і транквілізавальныя сродкі), дыхальную сістэму (напр., адхарквальныя сродкі, процікашлевыя сродкі), органы пачуццяў (напр., мясцоваанестэзіруючыя сродкі); прэпараты, якія выкарыстоўваюць у дэрматалогіі (напр., антысептычныя сродкі), гармоны для сістэмнага выкарыстання, акрамя палавых гармонаў (гарманальныя прэпараты), проціінфекцыйныя прэпараты (напр., антыбіётыкі, сульфаніламіды), проціпухлінныя (проціпухлінныя сродкі), проціпаразітарныя прэпараты (напр., антыгельмінтыкі) і група розных. У арганізм Л.с. ўводзяць рознымі шляхамі: праз рот, падскурна, унутрымышачна, унутрывенна і інш. Выпускаюцца ў выглядзе таблетак, парашкоў, раствораў, мазяў і інш. Для Л.с. устаноўлены паказанні і проціпаказанні. Пры ўжыванні некат. можа развіцца лекавая залежнасць (наркатычныя анальгетыкі, гармоны і інш.). У некат. людзей бывае павышаная адчувальнасць да асобных Л.с. — ідыясінкразія.
Літ.:
Машковский М.Д. Лекарственные средства: Пособие для врачей. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998;
Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;
Регистр лекарственных средств Росии: Энцикл. лекарств. М., 1999.
М.К.Кеўра.
т. 9, с. 192